Свята доблесці – Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь* – адзначаецца ў Беларусі штогод 2 жніўня.
Гісторыя свята пад назвай «Дзень ПДВ» каранямі сыходзіць у савецкія часы (2 жніўня 1930 года) і звязана з дэсантаваннем на парашутах падраздзялення з 12 чалавек на вучэннях Ваенна-паветраных сіл Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам. Затым вялікі ўклад унеслі воіны-дэсантнікі ў перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Беларусі першыя мабільныя сілы ў складзе Узброеных Сіл былі створаны ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Значная старонка ў гісторыі беларускіх ПДВ адведзена Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 334-му асобнаму атраду спецыяльнага прызначэння, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане. Сотні дэсантнікаў былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, семярым прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 2007 годзе Указам Прэзідэнта РБ быў створаны новы род войскаў – сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які стаў правапераемнікам ПДВ.
На сучасным этапе гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь сілы спецыяльных аперацый выступаюць асноўным элементам стратэгічнага стрымлівання і служаць школай воінскага майстэрства для тысяч грамадзян краіны. Дэсантнікі з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак і застаюцца сапраўднымі патрыётамі Радзімы, працягваючы традыцыі дзядоў і бацькоў.
Віншуем дэсантнікаў са святам і жадаем заўсёды быць на вышыні найлепшых воінскіх якасцей: гонару, мужнасці, стойкасці і сілы духу. З такімі абаронцамі краіна заўсёды ў надзейных руках!
* Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь зацверджаны Указам Прэзідэнта № 397 ад 30 ліпеня 2010 года.








