З 8 па 11 лістапада 2023 года ў нашай краіне пад дэвізам “Уключай энергаэфектыўнасць!” праходзіць адукацыйная акцыя “Беларусь – энергаэфектыўная краіна”. Яе арганізатар – Дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Акцыя прымеркавана да міжнароднага Дня энергазберажэння, які штогод адзначаецца 11 лістапада, і адпавядае палажэнням Дырэктывы Прэзідэнта ад 14.06.2007 г. №3 “Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы”, а таксама Закона РБ ад 8.01.2015 г. №239-З “Аб энергазберажэнні”.

Прымаючы да ўвагі, што эфектыўнае спажыванне энергарэсурсаў шмат у чым залежыць ад мабілізацыі намаганняў усіх без выключэння дзяржаўных структур, арганізацый, устаноў і бізнес-супольнасцей, рэспубліканскае прадпрыемства “Завод дакладнай электрамеханікі” далучаецца да “энергаэфектыўнай” акцыі і актыўна інфармуе сваіх супрацоўнікаў аб важнасці энергаэфектыўнасці і спосабах энергазберажэння ў побыце.

У даступнай форме з выкарыстаннем тэматычных стэндаў, карпаратыўнай інтэрнет-рассылкі матэрыялаў нашы работнікі атрымліваюць падрабязную інфармацыю аб эканамічных, экалагічных і сацыяльных перавагах энергазберагальных падыходаў і тэхналогій, накіраваных не толькі на паляпшэнне ўласнага жыцця, але і ўмацаванне энергетычнай незалежнасці краіны.