Нашы касмічныя магчымасці
Стварэнне Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі стала важным этапам удасканалення тэлекамунікацый, неабходных для інавацыйнага развіцця краіны. Рашэнне аб яе стварэнні Прэзідэнт прыняў у 2011 годзе. 15 студзеня споўнілася восем гадоў з моманту вываду на геастацыянарную калязямную арбіту першага беларускага спадарожніка “Белінтэрсат-1”.
Ён стаў ключавым элементам Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання і дазволіў нашай краіне выйсці на сусветны рынак спадарожнікавых паслуг. Разам з камандай “Белінтэрсата” мы паглядзелі, як з дапамогай наземнага комплексу кіравання спадарожнік працуе на арбіце, і даведаліся, ці будзе працяг існуючага праекта.
Спаборніцтвы тэхналогій і цэн
Комплекс кіравання спадарожнікам знаходзіцца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. Наземная інфраструктура ўяўляе сабой шэсць вялізных антэн, якія перадаюць і прымаюць сігнал. Супрацоўнікі дзяжураць тут кругласутачна. На вялікіх экранах адлюстроўваецца ўся інфармацыя аб самаадчуванні сатэліта. Дэталёвыя дадзеныя выводзяцца на маніторы кампутараў. Так спецыялісты сочаць за канкрэтнымі жыццёвымі паказчыкамі спадарожніка.
Сёння каманда праекта “Белінтэрсат” прадастаўляе поўны спектр запатрабаваных паслуг спадарожнікавай сувязі ў Беларусі і за мяжой – у Еўропе, Афрыцы і Азіі. За восем гадоў працы ў краіне ўдалося з нуля стварыць асобную нішу ў паслугах сувязі, кажа начальнік наземнага комплексу ўпраўлення Алег Вінярскі:
Алег Вінярскі.
— Са стварэннем Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання з’явілася альтэрнатыва наземным каналам сувязі. Перш за альтэрнатывай была хіба што радыёсувязь, але ў яе невялікі радыус дзеяння. Зараз жа зона пакрыцця спадарожнікам складае 100 працэнтаў тэрыторыі Беларусі. Гэта адыграла значную ролю ў паляпшэнні якасці прадастаўлення новых паслуг для карыстальнікаў.
Калі размова заходзіць аб спадарожнікавай сувязі, многія адразу ўспамінаюць нашумелы спадарожнікавы праект Starlink Ілона Маска. Ён добра функцыянуе на нізкіх арбітах, у той час як “Белінтэрсат-1” пазіцыянуецца на больш высокай, геастацыянарнай арбіце. Чаму наша краіна пайшла менавіта па такім шляху, растлумачыў начальнік цэнтра наземнага прымянення спадарожніка Андрэй Яновіч:
— Перавагі геастацыянарнага спадарожніка перад нізкаарбітальным у тым, што ён стаіць нерухома адносна Зямлі. Для карыстальніка гэта значыць, што адзін раз наладзіў антэну і забыўся – сувязь ёсць заўсёды. З нізкаарбітальнымі складаней. За імі трэба сачыць, увесь час круцячы антэну або выкарыстоўваць дарагое рашэнне на спецыяльных антэнных рашотках. Пры гэтым сувязь усё роўна адсутнічае, калі спадарожнік знаходзіцца на адваротным баку Зямлі. Выйсце – ісці па шляху Ілона Маска і запускаць шмат спадарожнікаў, але гэта патрабуе складаных тэхнічных рашэнняў і вельмі дорага. Большасць краін, і мы ў тым ліку, выбралі геастацыянарны шлях.
Андрэй Яновіч і Ілля Гайдук абмяркоўваюць працоўныя пытанні.
Каля 300 каналаў ТБ і радыё
Заходзім у цэнтр кіравання палётам. На дзяжурстве – змена з пяці чалавек, трое з якіх непасрэдна кіруюць касмічным апаратам. Яны маніторыць стан карыснай нагрузкі спадарожніка і сочаць за якасцю сігналу.
Зафіксаваць спадарожнік у адной кропцы – задача са зорачкай. Ён так і наровіць збіцца са шляху, літаральна. Віной усяму не ідэальна круглая форма Зямлі і розныя касмічныя фактары. Таму каманда ўвесь час сочыць за навігацыйнымі параметрамі і карэктуе іх, тлумачыць начальнік цэнтра кіравання палётам спадарожніка Павел Старавойтаў:
– Сучасныя сродкі дазваляюць нам спрагназаваць траекторыю палёту спадарожніка да 14 сутак наперад і загадзя з высокай ступенню ўпэўненасці сказаць, калі аператару трэба ўмяшацца і ўнесці карэкціроўкі. Для чаго гэта трэба? Калі апарат сыдзе з арбітальнай пазіцыі, гэта паўплывае на кліентаў на Зямлі, тых, хто карыстаецца нашымі паслугамі. Яны атрымаюць сэрвіс нізкай якасці ці не атрымаюць яго зусім. Іншыя касмічныя аператары таксама пацерпяць – іх апараты пачнуць перадаваць сігнал з перашкодамі. Як бачыце, адказнасць на нас вельмі вялікая.
На тэрыторыі Беларусі для камерцыйных і дзяржаўных структур “Белінтэрсат” прадастаўляе паслугі спадарожнікавай сувязі і рашэнні для сотавых аператараў, арганізуе карпаратыўныя сеткі перадачы даных і ажыццяўляе прамыя радыётрансляцыі і ТБ-вяшчанне.
Але асноўны галіновы рынак праекта – тэлерадыёвяшчальны. Сёння праз “Белінтэрсат-1” распаўсюджваецца кантэнт каля 300 тэлеканалаў і радыёстанцый краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы і Афрыкі. Толькі ў Афрыканскім рэгіёне ў беларускага спадарожніка сувязі больш за 15 мільёнаў карыстальнікаў. Самае галоўнае – ён забяспечыў магчымасць вяшчання ў фармаце высокай выразнасці тэлевізійнага агульнадаступнага пакета ў Беларусі.
Шэсць вялізных антэн перадаюць і прымаюць сігнал.
Камерцыйныя перспектывы
Рэалізацыя праекта дазволіла ўмацаваць пазіцыі краіны ў сусветнай інфармацыйнай супольнасці, забяспечыць яе інфармацыйную незалежнасць, а таксама ўкараніць новыя тэхналогіі і павялічыць экспартны патэнцыял краіны. У цэлым праект экспартна арыентаваны і разлічаны на максімальны продаж рэсурсу спадарожніка дзяржаўным і карпаратыўным кліентам і аператарам краін блізкага і далёкага замежжа.
Для забеспячэння патрэбнасцей беларусаў дастаткова 5 працэнтаў рэсурсу сатэліта, і яны выкарыстоўваюцца службамі, якія павінны максімальна хутка рэагаваць на тэхнагенныя, няштатныя, надзвычайныя сітуацыі, забяспечваюць ахову граніцы, грамадскага парадку. Астатнія 95 працэнтаў могуць ісці на экспарт.
І задача каманды – заваяваць надзейныя і перспектыўныя нішы на нацыянальным і замежных рынках. Рабіць гэта даводзіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі паміж аператарамі: на геастацыянарнай калязямной арбіце эксплуатуецца больш за 300 спадарожнікаў.
Тым не менш партфель паслуг “Белінтэрсата” пастаянна папаўняецца новымі інавацыйнымі і надзейнымі камунікацыйнымі рашэннямі, кажа начальнік сектара спадарожнікавай сувязі камерцыйнага кіравання Аляксей Контараў:
– У нас ёсць дзесяць прамых канкурэнтаў, падобных па карыснай нагрузцы і зоне пакрыцця. Канкурэнцыю складаюць таксама спадарожнікі з высокай прапускной здольнасцю HTS. Актыўна заходзяць на рынак нізкаарбітальныя апараты… Да таго ж трэнды ў касмічнай галіне мяняюцца вельмі хутка. Спажыўцы менш ахвотна хочуць заключаць доўгатэрміновыя кантракты. На тры-пяць гадоў максімум. З некаторымі падпісваем пагадненні толькі на год.
У якасці прыкладу Аляксей Кантараў прывёў афрыканскі рынак, на якім мы актыўна працуем. Ён вельмі нестабільны з-за палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне, і доўгатэрміновае планаванне па гэтым рынку на дадзеным этапе немэтазгодна.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, выкліканыя перанасычэннем рынку прапановамі, удалося не толькі не дапусціць зніжэння, але нават істотна нарасціць долю камерцыйнага выкарыстання карыснай нагрузкі спадарожніка “Белінтэрсат-1”. Сёння гэты паказчык супастаўны з паказчыкамі сусветных лідараў галіны.
Спадарожнік сувязі ўносіць свой уклад і ва ўмацаванне абараназдольнасці і бяспекі Беларусі, акцэнтуе ўвагу Аляксей Кантараў:
– Тэхналогіі сувязі і тэлекамунікацый – праекты эканамічна выгадныя. Таму гэты праект сапраўды дае магчымасць атрымаць новыя інвестыцыі беларускай эканоміцы. На ўнутраным рынку наша кропка росту – дзяржструктуры.
У апошнія гады сур’ёзна павысілася ўвага да абараназдольнасці, нацыянальнай бяспекі дзяржавы, рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Гэта і агульнасусветны трэнд. Беларускія дзяржаўныя ведамствы і арганізацыі, напрыклад, пагранічнікі, ратавальнікі і шэраг іншых структур, таксама разумеюць неабходнасць спадарожнікавых сродкаў сувязі і хочуць мець для сябе асобныя каналы.
Кропкі росту
Тэрмін эксплуатацыі спадарожніка «Белінтэрсат-1» – 15 гадоў з моманту запуску. Свой рэсурс ён вычарпае праз сем год. Аднак дзякуючы пісьменнаму кіраванню касмічным апаратам, якое шмат у чым выяўляецца ў пазбяганні лішніх манеўраў на арбіце, атрымоўваецца істотна эканоміць паліва і, такім чынам, падоўжыць жыццё сатэліту больш за на паўтара гады.
Здавалася б, часу вагон. Аднак спецыялісты глядзяць у будучыню і ўжо працуюць над абгрунтаваннем неабходнасці запуску другога апарата. Справа ў тым, што стварэнне тэлекамунікацыйнага геастацыянарнага спадарожніка – працэс няхуткі, тлумачыць Алег Вінярскі:
– Мы гаворым аб працягу існуючага праекта. Для праектавання і вырабу “Белінтэрсата-2” спатрэбіцца каля трох гадоў. Гэта пры ўмове, што наладжаны лагістычны ланцужок паміж вытворцамі і цэнтрам зборкі. Не будзем забывацца, што ў адносінах да нас праводзіцца жорсткая санкцыйная палітыка. Перш чым прыступаць да зборкі, трэба правесці стараннае даследаванне рынку, вызначыцца з патрэбамі спажыўцоў спадарожнікавых паслуг.
Адным словам, у распрацоўшчыкаў ёсць у запасе пяць-сем гадоў, каб прапрацаваць усе нюансы, стварыць эскізны праект аблічча новага касмічнага апарата, правесці ўсе этапы дызайну платформы і карыснай нагрузкі, а самае галоўнае – вырабіць сатэліт, пратэставаць яго і паспяхова запусціць.
— Гэта павінен быць спадарожнік з высокай прапускной здольнасцю, значна большай, чым у дзейнага апарата. Праца над абліччам спадарожніка з палепшанымі характарыстыкамі запатрабуе ўвязкі з мадэрнізацыяй наземнай інфраструктуры, і яна павінна быць істотнай. Такія рашэнні вельмі сур’ёзныя і нятанныя, – дадаў Алег Вінярскі. – Але без гэтага ніяк. За высокай прапускной здольнасцю будучыня.
Запуск другога спадарожніка сувязі дазволіў бы пашырыць пералік паслуг. Напрыклад, зараз у праекта “Белінтэрсат” ёсць ліцэнзія на прадстаўленне паслуг фіксаванай сувязі. У перспектыве з’явілася б магчымасць аказваць рухомы від сувязі, актуальны ў сучасных рэаліях. Ужо на гэтым этапе неабходна прадугледжваць, як новы від паслуг упішацца ў існуючую архітэктуру ўнутранага рынку сувязі, якім чынам дапоўніць яе. Наколькі запатрабаванымі яны будуць, пакажа час. Але ўжо зараз відавочна, што праект “Белінтэрсат” валодае высокай інавацыйнай, эканамічнай і сацыяльнай значнасцю.
Тэкст: Іна Гарбаценка
Фота: Аляксей Вязміцінаў













